понедельник, 14 июля 2014 г.

Страшная гісторыя майго пераходу з праваслаўя ў каталітцва

Сапраўды, гісторыя страшная...
Я была сапраўдным праваслаўным чалавекам. Хрысцілі мяне якраз на 40 дзён, у царкве недзе каля Смалявіч. Чаму там? Таму што маміна сяброўка хрысціла там сына і ёй сказалі, што там вельмі добры, нават такі асаблівы святар. Пад сорак чалавек, 15 дзяцей у маленькім пакойчыку. Крыкі і духата. Але ж хрысцілі, дзякуй Богу. Хаця ж, я не памятаю. І даказваюць гэта только словы бацькоў, ды пара фотадзымкаў з цёмнага і цеснага пакойчыку. Нават дакументу ніякага няма, а шкада.
А потым пачалося маё сапраўднае праваслаўнае жыццё. Не хадзіць у храм кожную нядзелю, не хадзіць туды нават на святы, святкаваць хрысціянскія святы не па царкоўнаму, а па народнаму, з малітвамі прадзеда, у якога было сваё меркаванне адносна канфесій (рускія папы гадкія, а ксяндзы-палякі хітрыя). Вось так шчыра і праваслаўна я жыла.
А потым, калі мне было 8 год, я пайшла ў "Воскресную Школу". Чаму? Вельмі проста, бо туды хадзіў хлопец, які мне падабаўся. А, не, яшчэ мне вельмі падабалася сябе дысціплініраваць і хадзіць кожную нядзелю раніцой па полі, дзе можна было сустрэць наркаманаў. "А  я дарослая і магу ўжо хадзіць з сяброўкай, не баюся!"
Памятаю, што ў нас было там вельмі цікава. Праўда, зусім не памятаю, пра што мы там гаварылі, але напрыканцы заўсёды пілі чай з пячэнькамі і нам падабалася вельмі.
А, вось яшчэ, напачатку заўсды маліліся і апошнія "Господи помилуй, Господи помилуй, Господи помилуй, благословиииии" заўсёды чуліся мне часткай якой-небудзь хрысціянскай рэп-кампазіцыі. Ну, ведаеце, хор гэта пяе, а між тым на сцэну вылятаюць танцоры і танчаць-танчаць... Дзіўная і крыху недарэчная асацыацыя, але мне было 8.
Адзін раз нас нават папрасілі прыйсці на службу. Ну і пашлі. А потым настаўніца падпіхнула мяне ў чаргу да споведзі. Калі я падыйшла да бацюшкі і ён нахіліўся да мяне, нешта ўнутры перавярнулася і я зразумекла, што не памятаю ні адзінага граху. Дзіка спужаўшыся злой барады, я хуценька прыдумала, што ўкрала ў краме булачку(не было такога!).  Ён сказаў, "прощаю тебя, дочь моя. Следующий" і я пайшла да причастия, дзе мне ўсунулі ў рот лыжку з віном і хлебам. Вось такі цудоўны праваслаўны вопыт у мяне быў!Ніколі больш не была на праваслаўным багаслужэнні.
А, яшчэ памятаю, што на занятках у нас спыталі, ці хадзіў хто-небудзь з нас у касцёл. Я так радасна падняла руку, бо памятаю, як хадзіла ў госці да айца Марэка адзін раз і была на канцэрце музычнай школы другі раз. Чамусьці, ніхто больш не адчуў маёй радасці і пачула я толькі "Вообще-то, православным нельзя ходить в костёл". Мне, як сапраўднай праваслаўнай, стала вельмі сорамна.
Дарэчы, першы свой вельмі праваслаўны крыж я купіла ў катэдры. Так, каталіцкай. (Толькі нікому не кажыце, што я зноў была ў касцёле).
Дык вось, да чаго ж гэта я. Незлічоную колькасць разоў я пачула пра тое, што мяняць веру - гэта такі грэх. І як я, САПРАЎДНАЯ ПРАВАСЛАЎНАЯ, магу стаць раптам каталічкай?
А родная цётка і ўвогуле пачала вельмі зліцца, на што я сказала, што розніца ж толькі ў абрадавых пытаннях, сталыя ў сваёй веры людзі не асабліва звяртаюць увагу на гэта. Яна адказала: "Ну, людзі гэта адно, а вось Богу не зусім такія рэчы падабаюцца". Так што, прабач мяне Божа, што я сышла ад свайго праваслаўнага лёсу і цяпер замест разу ў год хажу да цябе кожную нядзелю.
Я зараз пішу не пра розніцу, усё ж такі. Было ў мяне пакліканне да Бога, да навяртання. І чаму яно прывяло мяне менавіта ў касцёл - я не ведаю. Але ж, каб прывяло ў царкву, каб пацягнула туды - можа, была б праваслаўнай.
Бог проста намеціў мне сустрэчу ў касцёле і я згадзілася. І ўсё. Каталіцтва - мой свядомы і дабравольны выбар. Праваслаўе - тое, да чаго я ніколі свядома не належыла.
І гэты пераход для шматлікіх людзей - гэта не здрада, а змена абставінаў. Цяпер ім хочацца бачыцца з тым жа Богам у другім месцы, у касцёле, а не ў царкве. Хочацца размаўляць з ім па-беларуску, а не па-старажытнаславянску. І розніцы тут няма ніякай.
Я стала хрысціянкай, калі мяне ахрысцілі. І стала каталічкай, калі пайшла да сапраўднай споведзі і прыняла СВЯДОМА камунію.
А праваслаўе - гэта добра. Добра, як шлях да Бога, як частка культуры. Добра для ўсіх, каму блізка, але ж ніяк, ніяк не звязана з маім мінулым.

Дзякую.